17 09:43:35.04.2008 Менск у Менску: нараджаецца альтэрнатыва «Басовішчу»
Шэраг беларускіх гуртоў выступілі на фэстывалі, што праходзіў у польскім горадзе Менск-Мазавецкі. Гэта горад, празь які праяжджае амаль кожны, хто зь Беларусі едзе ў Варшаву, ці далей на захад. Ідэя правядзеньня беларускага рок-фэсту ў польскім Менску нарадзілася яшчэ летась, а сёлета арганізатары ўжо заяўляюць: іх імпрэза можа ў будучыні скласьці канкурэнцыю «Басовішчу». Па прыезьдзе зь Менску ў Менск музыкі з гурта ІQ48 падзяліліся з ТГ сваімі ўражаньнямі: «Польскія „менчукі“ нас папросту ўразілі. Большая частка зь іх бачылі гурт упершыню, ужо ня кажучы пра веданьне тэкстаў. Але з трэцяй песьні народ стаяў на вушах!»

11 красавіка ў горадзе Менск-Мазавецкі адбыўся канцэрт гуртоў ІQ48, Onegin і Andre Karp (сольны праект экс-вакаліста Parason). Менск-Мазавецкі - гэта горад, празь які праяжджае амаль кожны, хто зь Беларусі едзе ў Варшаву, ці далей на захад. Ідэя правядзеньня беларускага рок-фэсту ў польскім Менску нарадзілася яшчэ летась, калі на адрэс аргкамітэту фэстывалю «Rock in Minsk» прыйшло шмат заявак на выступ беларускіх гуртоў. З грошаў, якія тады атрымалася сабраць, людзі зь Незалежнай культурнай ініцыятывы (www.nik.minskmaz.com.pl) вырашылі зрабіць новы міні-фэст. У рэалізацыi гэтай ідэі ім дапамог польскі часопіс «Pro-Rock» (www.pro-rock.pl). Вынікі іх працы змаглі пабачыць як жыхары Менска-Мазавецкага, так і польскія і беларускія студэнты, шмат якіх зараз вучыцца ў блізкай Варшаве. Такая імпрэза праходзіць у першы і, відаць што, не ў апошні раз. У выніку задаволенымі засталіся, як арганізатары, так і музыкі.

«Спачатку мы трохі спужаліся, - апавядаюць музыкі з гурта ІQ48, - бо вопыту выступаў у кіназалях (а менавіта ў адной з такіх адбывалася імпрэза) ня маем. Але рэспэкт тамтэйшым арганізатарам і апаратчыкам! Па-першае, сцэна была абсталяваная акурат па stageplan'у нашага райдэра, па-другое, мы мелі гадзіну на саўндчэк. Уразілі самі гледачы, большая частка якіх бачыла гурт упершыню, ужо ня кажучы пра веданьне тэкстаў. Але з трэцяй песьні народ стаяў на вушах!»

«Здаровыя лосі» зазначаюць, што па энэргетыцы гэта быў адзін зь лепшых іх канцэртаў: «Пасьля выступу нас яшчэ доўга клікалі на біс, увогуле адпускаць не хацелі. Па-добраму зьдзівіла і ўзрадвала праца сьветлавікоў. гэта сапраўдныя прафэсіяналы, якія ня проста тупа ціскалі на кнопкі, а паспрабавалі мінімальнымі сродкамі зрабіць нейкае сьветлавое шоў. І гэта пасьпяхова атрымалася!»

Арганізатары пакуль безыменнага фэстывалю ў Менску-Мазавецкім маюць намер працягваць задуманую справу і спадзяюцца, што ў будучыні гэты фэст складзе канкурэнцыю «Басовішчу».

SB, Тузін Гітоў
фрэйд
23.04.2008 08:12
Дык малайцы ж, далі Бог!